МАМО́НІЧАЎ ДРУКА́РНЯ.

Дзейнічала ў канцы 16 — пач. 17 ст. ў Вільні. Засн. ў 1574 П.​Мсціслаўцам на сродкі Мамонічаў. У ёй выдадзены «Часоўнік» (1574—76), «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). З-за канфлікту паміж Мсціслаўцам і Мамонічамі, якія імкнуліся поўнасцю ўзяць кнігадрукаванне ў свае рукі, у 1576 дзейнасць друкарні прыпынілася. Адноўлена ў 1583 К. і Л. Мамонічамі, мела фін. падтрымку правасл. шляхціцаў Зарэцкіх. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ Л.​Сапегі ў 1586 і 1593 Мамонічы атрымалі прывілеі, што дало часовае манапольнае права на выданне кніг на бел. і царк.-слав. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў віленскі друкар В.​Гарабурда. М.д. ўлічвала запатрабаванні і культ. традыцыі розных пластоў насельніцтва. У 16 ст. выдавала л-ру для правасл. брацтваў, іх школ, царквы, мяшчанства, для кніжнага ўзаемаабмену з Украінай, Рус. дзяржавай, Польшчай. У ёй надрукаваны багаслоўскія і літургічныя выданні, кнігі для чытання, публіцыстычныя творы, падручнікі, у т. л. «Граматыка славянская» (1586), «Дыялектыка» І.​Спангенберга (каля 1586), «Буквар» (1590-я г., 1618, 1621). Была адзінай бел. друкарняй, якая выпускала зб-кі заканадаўчых актаў, выданні прававога характару, у т. л. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 (на бел. мове; 1614, на польск. мове), «Трыбунал абывацелям Вялікага княства Літоўскага» (1586), канстытуцыі «вальных» сеймаў, шэраг палемічных твораў у абарону уніі, напісаных І.​Пацеем. Да 1623 М.д. выпусціла каля 50 кірылічных і 35 выданняў на польск. мове. Кнігі адметныя высокім паліграф. і мастацка-арнаментальным афармленнем. Тут упершыню выкарыстаны зробленыя Грынем Івановічам курсіўныя шрыфты, што ўзнаўлялі графіку канцылярскага пісьма. Выкарыстоўваліся свецкія гравюры (партрэты Жыгімонта III Вазы, Сапегі; сейм Рэчы Паспалітай, гербы і інш.). Пасля 1624 друкарскія матэрыялы М.д. часткова перайшлі ва ўласнасць Віленскай базыльянскай друкарні.

Літ.:

Зернова А.С. Типография Мамоничей в Вильне (XVII в.) // Книга: Исслед. и материалы. М., 1959. Сб. 1;

Анушкин А. На заре книгопечатания в Литве. Вильнюс, 1970. С. 54—79;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 10, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)